Гурт «Sciana» ўтварыўся ў 1999 годзе. Афіцыйны дзень стварэньня — 1 жніўня.

У той час калектыў ўяўляў сабою хлопчыкаў па 15-16 гадоў, якія зьбіраліся ў прыватным гаражы агульнай сяброўкі і каўбасілі нешта кшталту панк-року. Зразумела, на бог ведае якім апараце — даводзілася і шнуры самім папаяць. Але калі ты малады і ўвесь сьвет яшчэ ляжыць перад табой — гэта дробязі.

Заснавальнікам гурта лічыцца барабаншчык Аляксей Кузьняцоў. Менавіта ён сабраў усіх разам і запаліў ідэяй сумеснай працы. Ад самага пачатку ў гурце былі яшчэ гітарыст Павел Прохараў і басіст Андрэй Клімус. Прыкладна ў гэты ж час — 2001 год — у музыцы «Sciana» з’яўляецца саксафон. Менавіта спалучэньне жорсткага гітарнага драйву і мелёдыкі саксафону хутка стане галоўнай адметнасьцю гурта.

«Сэнс нашае творчасьцi  у пошуку, у пошуку новага, незвычайнага, у няспынным руху наперад», — гэтыя словы сталi агульным credo для гурта. Завершаны ў 2002 годзе альбом «Рыфмы лёсаў» стаў першым паўнавартасным запiсам, які выйшаў на ўсю краіну ў менскім выдавецтве «Limas». З цягам часу стыль музыкі гурта зьмяняўся ад панка да джазу, ад джаза да альтэрнатыўнага року.

Зараз Sciana гэта:

Аляксей Кузьняцоў — барабаны;
Павел Прохараў — гітара, вакал;
Андрэй Клімус — бас;
Яўген Лук'янчык — саксафон. 

Мы працягваем свой творчы шлях у пошуках новага па хвалях рок-н-ролу і прапануем кожнаму далучыцца да гэтае вандроўкі праз нашую творчасьць.